ВАРША́ЎСКІ НАРАДАВО́ЛЬСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НТАЎ,
нелегальная суполка прыхільнікаў рэв. арг-цыі «Народная воля» з ліку ўраджэнцаў Беларусі — студэнтаў Варшаўскага ун-та — у 1882—83. Утвораны ў 1882 намаганнямі студэнтаў-нарадавольцаў В.Руткевіча, Г.Яцкевіча і В.М.Вайніловіча. Акрамя выхадцаў з Беларусі ў гурток уваходзілі і варшавяне на чале з С.Калішскім. На базе гуртка была створана падп. друкарня на чале з М.К.Янчэўскім. Гурток падтрымліваў цесныя кантакты з кіраўнікамі польск. рабочай партыі «Пралетарыят». У рэв. дзейнасці не прызнаваў тактыкі тэрору. Пасля арышту ў Вільні 22.8.1883 кіраўніка Янчэўскага дзейнасць гуртка аслабела і да канца года спынілася. Некат. гурткоўцы ўступілі ў «Пралетарыят».
В.М.Чарапіца.
т. 4, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)